УЗАЕМАДЗЕ́ЯННЕ ВОЙСК,
узгодненыя сумесныя дзеянні падраздзяленняў, часцей, злучэнняў, аб’яднанняў розных відаў узбр. сіл, родаў войск (сіл) і спец. войск; адзін з асн. прынцыпаў ваеннага майстэрства. Бывае стратэгічнае, аператыўнае і тактычнае.
У.в. вядома са стараж. часоў. Першапачаткова абмяжоўвалася рамкамі бою (бітвы); з пашырэннем маштабаў узбр. барацьбы ўзнікла неабходнасць ва ўзаемадзеянні паміж буйнымі вайск. аб’яднаннямі (арміямі, групамі армій, франтамі), у т. л. кааліцыяй дзяржаў (узбр. сіламі саюзнікаў). Больш актыўна У.в. выкарыстоўвалася ў 1-ю сусв. вайну, асабліва шырока — у 2-ю сусв. вайну, а таксама пры правядзенні сучасных ваен. аперацый, у т. л. ў Кувейце (гл. Кувейцкі крызіс 1990—91), Афганістане (2002) і інш.
У Рэспубліцы Беларусь У.в. і каардынацыю дзейнасці структурных элементаў ваен. арганізацыі ажыццяўляе Мін-ва абароны і Ген. штаб (у ваенны час з’яўляецца выканаўчым органам Савета бяспекі і дзейнічае пад кіраўніцтвам Галоўнакамандуючага Узбр. Сіламі).
С.В.Папоў.
т. 16, с. 168
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)